ГЛУ́СКІ РАЁН,

на ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 22,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. На 1 км². Цэнтр — г. Глуск. 106 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бярозаўскі, Завалочыцкі, Казловіцкі, Калаціцкі, Каткаўскі, Кіраўскі, Клятнянскі, Слаўкавіцкі, Хваставіцкі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 140—160 м, найвыш. пункт 177,9 м (каля в. Горнае). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, буд. пяскі, цагельныя гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,5°C, ліп. 18,1°C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетацыйны перыяд 192 сут. Найб. р. Пціч з прытокамі Зарудзеча, Ліса, Бежыца, Даколька з Ольніцай; невял. азёры Выгада і Дзікае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 53% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Асн. балотныя масівы — Даколька, Барбарова, Дзікае Балота і інш.

Агульная плошча с.-г. ўгоддзяў 50,5 тыс. га, з іх асушаных 21 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 3 саўгасы, 31 фермерская гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства, рыбагадоўля. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (пладова-агародніннай, масласыраробнай), дрэваапр. (мэблевай) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Слуцк — Бабруйск, Бабруйск — Глуск — Любань, Глуск — Акцябрскі. У раёне 11 сярэдніх, 5 базавых, 3 пач., 2 муз., дзіцяча-юнацкая і санаторная школы. 14 дашкольных устаноў, 27 клубаў, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельд.-ак. пунктаў, 2 амбулаторыі, паліклініка. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814) у в. Гарадок. Выдаецца газ. «Радзіма».

Г.С.Смалякоў.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)